Гарадзішча на Менцы – самы ўнікальны археалагічны помнік Беларусі. Людзі пасяліліся тут яшчэ ў 3-4 тысячагоддзі да нашай эры, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі. Пазней, у IX стагоддзі тут ўтвараецца арганізаванае паселішча з цэнтрам – умацаваным замкам на велічных валах. Валы цудоўна захаваліся да нашага часу – іх можна ўбачыць на свае вочы і нават узняцца на самы верх. Адсюль відаць ускрайкі Менска, а гэта – 6 кіламетраў!

Тут, на гэтых валах у Х стагоддзі і пачынаўся Менск, якому было наканавана стаць сталіцай Беларусі. У ХІ стагоддзі Менск спазнае адзін варожы набег і пажар, потым другі… Пасля чаго полацкі князь Усяслаў Чарадзей пераносіць Менск на суток Нямігі і Свіслачы, а затым стварае Менскае княства і саджае на прастол свайго сына Глеба, які ўвайшоў у гісторыю як Глеб Менскі, першы менскі князь.

Гісторыя Гарадзішча працягваецца, у наступныя стагоддзі жыццё віруе тут не так імкліва, як раней. Ажно пакуль у сярэдзіне XVI стагоддзя, за часам Жыгімонта Аўгуста на гэтым месцы не ўзнікае мястэчка Гарадзішча. Дата першай згадкі ў Метрыцы ВКЛ – 1547 год. У Попісу войска ВКЛ 1567 года ёсць звесткі, што з гарадзішчанскага маёнтка ставілі 2 “коні”. У 1582 годзе – мястэчка, панскі двор, стадола, праводзіліся таргі.

Гарадзішча валодалі Палубінскія, Статкевічы. З 1598 года на працягу амаль 300 гадоў – Пішчалы. У XVIII ст. у Гарадзішчы была карчма і млын. У 1756 годзе Ігнатам Пішчалам пабудаваная драўляная ўніяцкая Мікалаеўская царква.

У 1839 годзе царква пераведзена ў праваслаўе. Да 1864 года Гарадзішча было цэнтрам Гарадзішчанскай воласці. У 1894 годзе каля храма пабудавана званіца. Царква зачынена савецкай уладай і разбурана ў 2-ю сусветную вайну, цяпер на яе месцы адбудаваны новы храм.

Сёння Гарадзішча чакае турыста і вандроўніка.

Тут можна ўбачыць:

  • Замкавыя валы Х-ХІ стагоддзя
  • Мемарыял на месцы могілак XV-XVI стагоддзяў
  • Магілу Рудольфа Пішчалы, будаўніка Пішчалаўскага замка
  • Крыніцу Усяслава Чарадзея
  • Раку Менку, якая дала назву Менску
  • Адзіны прыток Менкі – ручай Дунай
  • Адну з найвялікшых у Беларусі серабрыстых таполяў (акружнасць ствала 6,05 м)
  • Помнік заснаванню мястэчка – “Гарадзішча 1547”

Запрашаем у Гарадзішча!

Па пытаннях правядзення экскурсіі пішыце на starymiensk@gmail.com

Як дабрацца?

  • Аўтамабілем: 6 км ад менскай кальцавой, за аўтарынкам “Малінаўка” (праз Азярцо). Увага! У Менскім раёне ёсць два Гарадзішчы, другое – за Уруччам. Не памыліцеся! (паглядзець на мапе)
  • Маршруткай, расклад ТУТ
  • Аўтобусам, расклад ТУТ (увядзіце патрэбную дату):