Гарадзішча стаіць на рацэ Менцы, якая цячэ непасрэдна перад замкавымі валамі X-XI ст. Менавіта ад гэтай ракі і атрымаў сваю назву Менск, цяперашняя сталіца Беларусі (да 29 ліпеня 1939 года “Менск” было афіцыйнай назвай, пасля змянілі на “Мінск”).

Адна з версіяў тлумачэння назвы вядзе нас да індаеўрапейскай формы *men- (“малы”). У літоўскай мове і цяпер захавался слова menkas (“маленькі, дробны”).

Іншая, “народная” версія тлумачыць назву тым, што тут раней “мяняліся” — вось і назвалі раку Мена, Менка.

Сёння шырыня Менкі складае каля 2 метраў. У Х-XI ст. па ёй у часе паводкі было магчыма сплавіць невялікі карабель у Пціч. Аднак у XVI ст. рака згадваецца як прыдатная для гаспадарчых патрэбаў і прамысловага асваення.

Захаваліся пэўныя звесткі і за ХІХ стагоддзе. У адным з лістоў Сафія Пішчала піша, што “апошняга чысла мая гэтага 1869 года разліў вады нарабіў такое значнае спусташэнне ў маёнтку Гарадзішча, страты з якога могуць сягаць ажно 2000 руб.”

У сярэдзіне ХХ стагоддзя, па ўспамінах мясцовых жыхароў, Менка была значна шырэйшая, у ёй было поўна рыбы (“ставілі сетку папярок ракі – і хутка даставалі цэлае вядро”).

Загалоўнае фота старонкі: Дзмітры Алейнік.